СЛА́ЎГАРАДСКІ СТАДЫЯ́Л,
максімальная стадыя сожскага зледзянення. Аддзяляецца горацкім інтэрстадыялам ад постмаксімальнага магілёўскага стадыялу. За час С.с. сожскае ледавіковае покрыва дасягнула паўн. мяжы Палесся. У яго краявой зоне сфарміраваліся Белавежская града, краявыя марэнныя ўтварэнні ў раёнах гарадоў Бяроза, Ганцавічы, Салігорск, Бабруйск, Слаўгарад, г.п. Краснаполле. Адклады С.с. прадстаўлены марэннымі, флювіягляцыяльнымі, озавымі, камавымі і інш. ўтварэннямі. Марэна магутнасцю 50—60 м вызначаецца вял. колькасцю адорвеняў дэвонскіх, мелавых, неагенавых парод. Большасць бел. вучоных сожскае зледзяненне адносяць да стадыі дняпроўскага зледзянення.
т. 14, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)